25 красавіка 2025 года ў рамках рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі "Бібліяноч-2025" у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В.Ф. Праскурава былі арганізаваны мерапрыемствы пад назвай “80 промняў Вялікай Перамогі”. Галоўная кніжная скарбніца горада ў гэты дзень налічвала некалькі інтэрактыўных пляцовак. Наведвальнікаў мерапрыемства пазнаёмілі з рэтра-выставай плакатаў “Ішла вайна народная…”, на якіх адлюстраваны падзеі ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны да дзён Пераможнага мая. Актыўна адказвалі прысутныя на пытанні віктарыны “Была вайна, была Перамога”. Знаўцы гісторыі атрымлівалі закладкі і “партызанскі паёк”.
Прэзентацыя гісторыка-дакументальнага зборніка «80-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца… Бібліятэкары пішуць пра вайну» - літаратурная частка ў цыкле мерапрыемстваў “Бібліяноч-2025”. У чытальнай зале аўтары распавядалі пра сустрэчы з людзьмі, гісторыі якіх былі надрукаваны ў кнізе. Родныя ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны дзяліліся ўспамінамі, узгадвалі падзеі, якія не забываюцца нават праз 80 мірных гадоў.
Працягам мерапрыемства “80 промняў Вялікай Перамогі” стала музычная частка, на якой удзельнікі свята спявалі песні ваеннай пары і 50-70-х гадоў, адбыўся розыгрыш латарэі “Святочная”, працаваў відэасалон “Рэтра-фільмы пра вайну” і дзіцячая пляцоўка.