Версия для слабовидящих

Литераторы-земляки


У адным са сваіх вершаў наш паэт Віктар Гардзей пісаў: “Блаславёны той край, які нараджае паэтаў”. Мудра падмечана. Блаславёная і наша Ганцаўшчына. Запаветна-светлая, маляўнічая зямля – край слынных літаратараў, якія нарадзіліся, выраслі і працавалі тут, якія сваёй творчасцю ўнеслі важкі ўклад у нацыянальную літаратуру і культуру наогул. 
Родная Ганцаўшчына ганарыцца кожным з тых, чыё імя пазначана ў гэтым раздзеле. Яны – гонар і слава Бацькаўшчыны. 


Аляксандр Сержпутоўскі

(21.06.1864 – 05.03.1940)

Аляксандр Сержпутоўскі.jpgНа хутары Шарпутоўшчына, што ў ваколіцах вёскі Пярэвалакі, на беразе Лані, адкрываў скарбы народнай мудрасці славуты асветнік, этнограф, вучоны Аляксандр Сержпутоўскі. У 1906 годзе ён, рэгістратар этнаграфічнага аддзела Рускага музея, здзейсніў дзве экспедыцыі на Палессе, дзе сабраў багатую калекцыю, зрабіў мноства фотаздымкаў, дзякуючы чаму ўся Расія пазнаёмілася з фальклорам палешукоў. Сержпутоўскі з’яўляецца аўтарам зборнікаў “Казкі і апавяданні беларускага Палесся”, “Прымхі і забабоны беларускіх палешукоў”, “Граматычнага нарыса беларускай гаворкі вёскі Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні” і інш.


Васіль Праскураў

(25.08.1926 – 22.05.1987)

Праскураў В.Ф..jpgНарадзіўся Васіль Фёдаравіч Праскураў ў в. Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, але для Ганцаўшчыны ён застаўся назаўсёды сваім, родным сынам. Працаю, талентам журналіст праславіў ганцавіцкі край. Болей дваццаці гадоў Васіль Фёдаравіч узначальваў рэдакцыю газеты “Савецкае Палессе”.
Аўтар кніг публіцыстыкі «Святая сівізна», «Трое з-за Лані», «Людзі-суседзі», «Пакажы чалавеку дарогу», «Пакланіся зямлі-карміцельцы», «Чорны хлеб», «Наўсцяж вясковай вуліцы». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя П. М. Лепяшынскага за кнігу «Пакланіся зямлі-карміцельцы».
Пахаваны ў Ганцавічах на старых могілках. На доме, дзе ён жыў, і на будынку рэдакцыі у якой працаваў, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Яго імя носяць цэнтральная раённая бібліятэка і вуліца, на якой ён жыў. 


Іван Кірэйчык

(13.03.1935 – 16.02.1996)

Кірэйчык І..jpg     За ўюнкаю Начай прасторы
     Заснежыла, скрозь замяло.
     Да самага сіняга бора
     Падходзіць паволі сяло…

Сяло, якому прысвяціў паэт нямала вершаў, невялічкая вёсачка Ганцаўшчыны - Гута. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага паэта і публіцыста, аўтара зборнікаў паэзіі «Аснова» і «3 маіх крыніц».
Шчырыя і яскравыя вершы, непаўторная паэзія Івана Кірэйчыка… Але найбольш плённа і ярка ўвасобіўся яго талент у публіцыстыцы. Цікавыя па зместу, жывыя па форме нарысы і апавяданні склалі кнігі «Багацце душы -людзям», «Пялёсткавы бераг», «Каласам хіліцца долу», «Калінавая квецень». Многія празаічныя творы Івана Кірэйчыка змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Вернутае шчасце», “Люблю будзённы дзень”.      
Пахаваны паэт у Гомелі. Яго імем названа вуліца ў вёсцы Гута. На месцы хаты, дзе нарадзіўся і вырас паэт, устаноўлены памятны знак.


Міхась Рудкоўскі

(17.04.1936. - 07.07.1991)

Міхась Рудкоўскі..jpgРодная вёска Востраў, адкуль паэт пайшоў у вялікі жыццёвы свет, знаходзіцца ў маляўнічым месцы, на беразе ракі Нача. Гэты невялікі кавалачак палескай зямлі даў Міхасю “дыханне”, крылы, даў яму “зрок і імя”.
З-пад пяра таленавітага літаратара выйшлі зборнікі вершаў «Першыя вёрсты», «Сінія Брады», «Позвы», «У краі тым...», «Векавечная Бацькаўшчына», «Засцярога», «Залатазвон», «Гарынь», сааўтар кнігі “Востраў Айчыны” ў калектыўным зборніку “Трохперсце”. Вядомы і як перакладчык з украінскай, рускай і польскай моў.
У роднай вёсцы школа носіць імя паэта. Там адкрыты музей Міхася Рудкоўскага, яго імем названа адна з вуліц Вострава.


Іван Лагвіновіч

(15.01.1940 – 29.03.2011)

Лагвіновіч І..pngПа волі лёсу паэт на доўгія гады быў адарваны ад роднага куточка, хутара Запрапасць, што за пяць кіламетраў ад вёскі Малькавічы. Болей дваццаці гадоў пражыў паэт у далёкім Данбасе… Пасля выхаду на пенсію вярнуўся на радзіму. Месцам жыхарства ён абраў г. Баранавічы адкуль часта наведваўся ў Малькавічы, на месца, дзе колісь стаяў бацькоўскі хутар.
Роднай, мілагучнай мовай напісаны яго шчымлівыя і кранальныя вершы, якія ўвайшлі ў паэтычныя зборнікі «Разлукі выраёвыя», «Піліпаўка», «Ляда юдолі», «Палыновыя кветкі», “Далёкае і блізкае”. У ліпені 2011 года, дзякуючы земляку паэта, кандыдату філасофскіх навук Анатолю Сідарэвічу, пабачыў свет новы пасмяротны  зборнік Івана Лагвіновіча «Элегія палескага матыля». Ён стаў як бы нерукатворным помнікам паэту і зацвердзіў: чалавек памірае, а слова і справы яго жывуць вечна.
Пахаваны ён на сваёй малой радзіме, у вёсцы Малькавічы, дзе знайшлі вечны супакой яго родныя і блізкія. 


Віктар Гардзей

(нар. 19.08.1946 г.)

Гардзей В..pngНаш зямляк Віктар Гардзей нарадзіўся ў в. Малыя Круговічы. Адтуль яго карэнне, адтуль вялікае творчае жыццё пісьменніка. Гэтае імя ў беларускай літаратуры добра вядома. Ён належыць да тых мастакоў слова, хто мае цесныя сувязі са сваёй малой радзімай. Віктар Гардзей жыве клопатамі сваіх землякоў, а тыя плацяць яму любоўю і пашанай. Невыпадкова вуліца ў роднай вёсцы носіць назву свайго знакамітага гадаванца.
Пяру Віктара Гардзея належаць паэтычныя зборнікі «Незабудкі азёр», «Узрушэнне», «Дзікая пчала», «Зялёныя дажджы», «Межань», «Трыадзінства», a таксама кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі», «Карані вечнага дрэва», «Уратуй ад нячыстага», «Ці то грэбля, ці то гаць», трылогія «Аселіца ў басейне Чорнага мора», раман "Бедна басота", "З мінулага не вяртаюцца" і іншыя. Віктар Гардзей таксама аўтар шматлікіх кніжак для дзяцей. Вядомы як перакладчык.
Ва ўсіх сваіх творах  пісьменнік выступае адданым сынам, шчырым патрыётам палескай зямлі. Родная зямля, на думку паэта, самая прыгожая і пяшчотная. І куды б ні закінуў лёс, ён заўсёды адчувае сваю непарыўную еднасць з бацькоўскім краем: "Я - тут! Я - ваш! Я - ёсць!


Алесь Каско

(нар. 10.12.1951 - 26.11.2017)

Алесь Каско.png"Калі не цуд, дык што ж мой Чудзін?..” – задаецца пытаннем наш зямляк, паэт Алесь Каско. Захапленне родным краем, яго людзьмі, слаўнай гісторыяй сваёй “малой радзімы”- галоўнае ў творчасці літаратара. Палескі край – не толькі месца нараджэння паэта, але і выток яго творчасці. Радзіма Алеся Каско вёска Чудзін, вёска мудрых казачнікаў, народных лекараў.
Паэтычныя зборнікі Алеся Каско - “Скразная лінія”, “Набліжэнне”, «Час прысутнасці», «45», "Нічога больш", "Прыадхінуты небасхіл", "Межавыя знакі" i інш. - уяўляюць сабою своеасаблівыя кнігi-роздумы пра вечнае i мімалётнае, пра сутнасць жыцця i месца чалавека ў вялікім свеце.



Уладзімір Марук

(06.01.1954 – 23.01.2010)

Уладзімір Марук.pngМаляўнічая вёска Гута ўзгадавала і адправіла ў шырокі свет таленавітага паэта Уладзіміра Марука. Ён ганарыўся гэтаю зямлёю, сэрцам заўсёды быў тут, на малой радзіме, дзе “самыя высокія нябёсы”, дзе “хаты бацькоўскай акно з дзедавым полем зжылося”, дзе яму заўсёды было добра і светла. Аўтар зборнікаў паэзіі «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне», «Інкрустацыя голасам», «Ехаў чыж у Парыж», «Чыж вярнуўся з-за мяжы» і інш. Уладзімір Марук рабіў пераклады з узбекскай, армянскай, туркменскай моў, але ж да болю роднай для яго засталася мілагучная матчына мова.



Алесь Кажадуб

(нар. ў 1952 г.)

Алесь Кажадуб.jpgНарадзіўся пісьменнік у г. Ганцавічы. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля заканчэння настаўнічаў у в. Крайск Лагойскага раёна.
У 1975—1977 г. — навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, быў рэдактарам літаратурна-драматычных праграм рэспубліканскага тэлебачання, літсупрацоўнікам аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць».
У 1985 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. 3 1990 года жыве і працуе ў Маскве.
Першае апавяданне апублікаваў у 1976 г. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Гарадок», «Размова», «Лесавік», «Дарога на замчышча» і многіх іншых.


Аляксей Галаскок

(нар. 06.06.1949 г.)

Аляксей Галаскок.JPGРодная беларуская зямля, тое, што натхняе паэта, тут яго душа адчувае сябе добра і камфортна.
Нарадзіўся ў вёсцы Талалайкі Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Маленства і юнацтва паэта прайшло ў Зэльве, ціхім правінцыяльным гарадку, на беразе невялічкай рэчкі Зэльвянка.  
Пасля паспяховага заканчэння Рыжскага камандна-інжынернага Чырвоназнамённага вучылішчы, лёс закінуў маладзенькага лейтэнанта ў Сібірскі край. Затым, пасля амаль двух дзесяткаў гадоў бездакорнай службы ў радах Савецкай арміі, ён працуе выкладчыкам у вучылішчы, дзе некалі сам пачынаў прафесійнае навучанне.
Жыццё вайскоўца працякала наладжана і спакойна, але чамусьці шчасце было не поўным у далечыні ад бацькоўскай хаты, роднай Беларусі. Гэта акалічнасць паспрыяла таму, што сям’я Галаскокаў вяртаецца ў Беларусь, на Ганцаўшчыну, радзіму жонкі Аляксея Пятровіча.
На рахунку паэта зборнікі вершаў: “Беларусь мая родная мілая…”, “Асеннія бліскавіцы” і для юных аматараў паэзіі - “Суд над сарокай”. Яго вершы друкуюцца на старонках раённай газеты “Савецкае Палессе”, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, часопіса “Вожык” і інш.


Святлана Локтыш

(нар. ў 1971 г.)

Святлана Локтыш.pngХоць і нарадзілася паэтка ў вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёна, але яшчэ ў школьным узросце лёс адрывае яе ад роных мясцін: яна з матуляю апынулася ажно ў далёкай Сібіры. Колькі жыла там - увесь час марыла пабываць на Радзіме. А як надарылася такая магчымасць на канікулах пасля здачы выпускных экзаменаў у школе, дык ад роднага куточка так і не здолела адарвацца.Ехала пагасцяваць, а засталася на сваёй зямлі назаўсёды. Паступіла на харавое аддзяленне Гродзенскага вучылішча мастацтваў, пасля - завочна скончыла Мінскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працавала ў аддзелах райвыканкама, у гарадскім ліцэі, у рэдакцыі раённай газеты «Савецкае Палессе».
Паэзіяй захапляецца з дзяцінства. Вершы друкаваліся ў газетах “Савецкае Палессе”, “Заря”, “Літаратура і мастацтва”, ў часопісе “Маладосць”. Аўтар зборніка вершаў “Вышыванка”.


Ала Мірзаліева

(нар.13 лістапада 1966 г.)

Ала Мірзаліева.jpg

   "Я не пакутую над радкамі - 
   Проста лаўлю іх пяром з прасторы.
   Дзесці блукаюць яны вякамі
   У спадзяванні, што мы іх створым".

Нарадзілася Ала Адамаўна вёсцы Агарэвічы. Скончыла Баранавіцкае педагагічнае вучылішча. Працуе кіраўніком студыі мастацкай творчасці “З рога ўсяго многа”, якая дзейнічае пры Агарэвіцкім СДК. Займаецца вершаскладаннем са школы, акрамя таго піша прозу, гумарыстычныя замалёўкі. Яе цікавіць жывапіс, саломка, роспіс па дрэву, фотасправа.
Друкавалася на старонках раённай газеты “Савецкае Палессе”. Аўтар зборніка “Снег, адчай і ліловыя цені…” (2009 г.), крытычныя заўвагі да якога зрабіў берасцейскі паэт Алесь Каско.


Ніна Кавальчук

(нар. у 1958 г.)

Ніна Кавальчук.png   "...паэткай можна мне не быць,
   А вершы  ўсё ж пісаць я мушу".

Творчасць паэткі з Хатыніч атрымала ў чытачоў шырокае прызнанне.  Шчымлівае пачуццё любові да роднага куточка, да сваіх родных і блізкіх, да людзей, сярод якіх лёс наканаваў ёй жыць, адчуванне знітаванасці з гэтай зямлёй і гэтымі людзьмі - адметная рысы творчасці Ніны Кавальчук.
Нарадзілася паэтка ў вёсцы Хатынічы. Пасля заканчэння сярэдняй школы пайшла працаваць на будоўлю новага палескага саўгаса «Адраджэнне». У наступным годзе паступіла ў будаўнічае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымала спецыяльнасць тынкоўшчыка і плітачніка. Вярнулася ў родную вёску, выйшла замуж, пайшлі дзеці. Іх у яе пяцёра: чатыры сыны і дачушка. 3 1990 г. працуе сацыяльным работнікам у в. Хатынічы.
Друкавалася на старонках раённай газеты «Савецкае Палессе», у абласным і рэспубліканскім друку. Аўтар зборніка паэзіі «Летуценніца».


Ніна Таўтын

(нар. у 1948 г.)

Ніна Таўтын.pngНарадзілася ў вёсцы Хатынічы. У 1966 г. скончыла сярэднюю школу. Была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, спявала ў Хатыніцкім хоры, які ў семідзесятыя гады славіўся сваімі выступленнямі ў розных кутках Беларусі. У 1968 г. працавала бібліятэкарам сельскай бібліятэкі, а з 1970-га па 2006 год - паштальёнам у Хатыніцкім аддзяленні сувязі.
Вершы піша з дзяцінства. Піша пра тое, што ёй блізка і дорага: пра непаўторнасць спеваў птушак і звону крыніц, прыгажосць квяцістых лугоў і бязмежных палёў. Многімі вершамі аўтарка прызнаецца ў сваёй любові да Радзімы. А вырастае гэтае пачуццё з любові да самага блізкага чалавека - матулі, з тых шчаслівых хвілін сапраўднага кахання, якое наведала чуллівае сэрца.
Выступала Ніна Таўтын ў раённым і рэспубліканскім друку. Аўтар паэтычнага зборніка “Сваю я зорку адшукаю”.


Яўген Сергіеня

(нар.1964 г.)

Яўген Сергіеня.JPGАўтар вырас і выхаваўся на красе непаўторнай палескай прыроды, на песнях і казках, што  пакінулі ў спадчыну таленавітыя землякі з яго роднай вёскі Чудзін на Ганцаўшчыне.
Духоўнасць - найпершая адметнасць вершаў Яўгена Сергіені. Святар, магістр багаслоўя, ён у той жа час не абмяжоўвае сваю паэзію біблейскімі сюжэтамі ці адкрытымі пропаведзямі, а бачыць стваральніка ва ўсіх праявах жыцця. Не можа не падкупляць яго імкненне ўсё больш вобразным, усё больш важкім і дакладным родным словам выказаць чытачу чысціню ўласнай душы, дабрыню, спагаду, а таксама неспакой, калі "...слова Бога на стале пыліцца".
Аўтар кніг паэзіі "Неба прамаўляе", "Час малітвы", "Дотык будучыні".  У кнізе "Дотык будучыні" акрамя вершаў аўтар спрабуе сябе ў прозе.


Вячаслаў Несцярук

(нар. 1931 г. - 03.10.2019 г.)

Вячаслаў Несцярук.JPG

   "Жизнь прожить - не поле перейти, 
   Надо память о себе оставить, 
   Главное понять, любовь свою найти, 
   Фамилию и край родной прославить".

Нарадзіўся ў вёсцы Свеклічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Жыве ў вёсцы Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёна. Усё жыццё прысвяціў дзецям, працуючы ў В.Круговіцкай сярэдняй школе настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Захапляецца паэзіяй, піша прозу.
Аўтар зборнікаў паэзіі "Рассветы и закаты", "Дни как ручьи", аўтабіяграфічнай аповесці "Пути-дороги".