Нараджэнне бібліятэкі ў Ганцавічах акутана не менш шчыльнай заслонай часу, чым некаторыя іншыя старонкі гісторыі. Разлічваючы атрымаць дакладныя звесткі з архіваў Брэстчыны, некалькі запытаў аказаліся безвыніковымі. Толькі з Пінскага філіяла Дзяржархіва Брэсцкай вобласці прыйшоў адказ, які дакументальна, хоць і ўскосна, засведчыў работу па стварэнні бібліятэкі ў райцэнтры. „У архіўным фондзе Пінскага аблвыканкома (пры тагачасным адміністрацыйным дзяленні Ганцаўшчына ўваходзіла ў склад Пінскай вобласці - М. Л.) у рашэнні № 5 ад 12 верасня 1994 года пасяджэння Ганцавіцкага райвыканкама маюцца звесткі аб тым, што ў Ганцавіцкім аддзяленні Дзяржбанка маецца рахунак расходаў для пераводу грошай падведамасным установам, дзе ўпамінаецца бібліятэка. Дадзеных аб адкрыцці бібліятэкі ў г.п. Ганцавічы не маецца". Аднак у размовах з ветэранамі, старажыламі Ганцавіч акрэсліваецца наступная паслядоўнасць. Фактычна бібліятэка адкрылася ў 1945 годзе і пачала абслугоўваць наведвальнікаў. Спачатку іх было 40 чалавек, затым 100. Размяшчалася яна ў той час у цёмным, халодным будынку на месцы сённяшняга будынка райвыканкама, асноўную плошчу якога займаў парткабінет, з боку былі дзверы - уваход у пакой бібліятэкі.
На пасаду загадчыка быў прызначаны Вячаслаў Раманка, які меў няпоўную сярэднюю адукацыю, але вылучаўся інтэлегентнасцю, шмат чытаў. У дакументах аддзела культурна-асветных устаноў Пінскага аблвыканкома маюцца звесткі аб тым, што ў 1946 годзе загадчыцай Ганцавіцкай бібліятэкі была Надзея Сцяпанаўна Хахлова, якая працавала да 1953 года.
На фота злева направа Богдан К.работнік ГДК, Шэўчык А.,бібліятэкар раённай бібліятэкі, Хахлова Н., загадчыца раённай бібліятэкі
1954-1958гг. – загадчыца бібліятэкі Цыпорына Мая Лазараўна,
1959-1960гг. – Гаўрылюк Людміла Рыгораўна.
Па сапраўднаму актывізавалася работа бібліятэкі ў 60-ыя гады, калі загадчыцай была прызначана Анастасія Адамаўна Патапчык (1961-1968г г.)
Павысілася папулярнасць бібліятэкі сярод ганцаўчан. Колькасць чытачоў узрасла да 1000 чалавек. Павялічыўся кніжны фонд. Памяшканне не адпавядала патрэбам установы, таму бібліятэку перавялі на першы паверх раённага Дома культуры. Тут размясціліся два пакоі: абанемент і невялікая чытальная зала.
З 1968 годапа 1976 год бібліятэкай загадвала Ніна Вікенцьеўна Талстая. 32 гады свайго жыцця прысвяціла жанчына бібліятэцы. З 1976 па 1984 год – першы дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, з 1984 па 1989 год – загадчыца аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі.
50-я гады... Адкрыццё ў кожнай вёсцы ізбы-чытальні, арганізацыя перасовак і хатніх бібліятэк. У 1958 годзе ставіцца задача давядзення кнігі да кожнага граматнага жыхара. У канцы 50-х у бібліятэцы прыйшоў адкрыты доступ да кніжных фондаў, а бібліятэкі сталі правадніком палітыкі Партыі і Ўрада, прапагандыстамі Ленінскага тэарэтычнага наследдзя, рашэнняў з'ездаў КПСС і Пленумаў ЦК, задач народнагаспадарчай палітыкі і г.д.
Агляд кніжнай выставы праводзіць бібліятэкар Піваварчык С.У. (першая злева)
60-я гады... Разгортванне прапагандысцкіх Усесаюзных кампаній: Усесаюзная чытальніцкая канферэнцыя "Малады герой савецкай літаратуры", да 100-годдзя У.І.Леніна чытальніцкая канферэнцыя "Запаветам Леніна верныя", да 50-годдзя Ленінскага камсамола "Ты на подзвіг клічаш, камсамольскі білет", агляд літаратуры, прысвечаны 50-годдзю Савецкай улады, барацьба за 100% ахоп насельніцтва бібліятэчнай кнігай. На той час бібліятэка добра камплектавалася літаратурай.
Праводзілі разнастайныя мерапрыемствы: літаратурныя вечары, дыспуты, канферэнцыі, абмяркоўвалі новыя кнігі Івана Мележа, Васіля Быкава, Івана Шамякіна.
Прэзентацыя кнігі І.Шамякіна“Снежныя зімы”,1979г.
Ніне Вікенцьеўне давялося прысутнічаць і выступаць з прамовай на канферэнцыі па кнізе І. Шамякіна “Снежныя зімы”, якая адбылася ў г. Мінску ў Доме літаратараў.
1965 год стаў запамінальным. Па выніках года сярод бібліятэк вобласці Ганцавіцкая раённая бібліятэка заняла першае месца.
З красавіка 1976 года раённая бібліятэка перайшла на цэнтралізаваную сістэму абслугоўвання. Рашэннем райвыканкама 28 масавых бібліятэк былі аб'яднаны ў адзіную цэнтралізаваную сістэму на базе раённай бібліятэкі, пры якой створаны аддзелы камплектавання (загадчыца Г. І. Коўш), методыка-бібліяграфічны аддзел (А.Д. Лелес, Г. Р. Курбанава), аддзел абслугоўвання – загадчыца Т. А. Валуевіч), аддзел кнігасховішча (Піваварчык С.У).
Пераход на цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму даў магчымасць стварыць адзіны кніжны фонд і даведачна-бібліяграфічны апарат, разгарнуць аператыўнае інфармацыйнае абслугоўванне чытачоў, спецыялістаў народнай гаспадаркі, вытворчых калектываў. У той час даведачна-бібліяграфічны апарат цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўключаў 28 алфавітных каталогаў. Меўся генеральны алфавітны каталог, сістэматычная картатэка газетна-часопісных артыкулаў, рэцэнзій, бібліяграфічных дапаможнікаў, картатэка перыядычных выданняў.
Росквітам і ростам аўтарытэту аддзела абслугоўвання адзначаны 80-я гады.Першай загадчыцай аддзела абслугоўвання стала Тамара Аляксандраўна Валуевіч, якая на гэтай пасадзе працавала з 1976 па 1984 год.
Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ быў утвораны на базе абанемента, чытальнай залы і адзінкі нестацыянарнага абслугоўвання раённай бібліятэкі. Штатная адзінка чытальнай залы скасавана, таму што не хапала чытачоў і кнігавыдач (на момант рэарганізацыі было 250 чалавек). У аддзеле працавала ўсяго 3 супрацоўнікі: загадчык аддзела (Валуевіч Т.А.), бібліятэкар абанемента (Пастушак Я.А.), бібліятэкар нестацыянарнага абслугоўвання (Скарагод А.І.). Работу чытальнай залы вялі ўсе работнікі аддзела. Тут жа месціўся даведачна-бібліяграфічны аддзел (Муха С.У.), метадыст (Шагун В.І.), дырэктар РЦБС (Талстая Н.В.).З цягам часу з’явіліся ў штаце пераплётчык, мастак-афарміцель, бібліятэкар чытальнай залы, аддзел метадычнай работы.
У той час бібліятэка мела вельмі добрую падпіску на перыёдыку. Атрымлівалі каля 20-ці літаратурна-мастацкіх часопісаў, мноства грамадска-палітычных, сельскагаспадарчых выданняў, каля 30-ці назваў газет. На добрым узроўні было і камплектаванне кнігамі. Дзяржава не шкадавала сродкаў на кнігу. Гэта быў час выдання твораў П.Праскурына і А.Іванова, І.Шамякіна і І.Мележа, класікаў сусветнай літаратуры. Высокімі тыражамі выдаваліся беларускія і рускія паэты, творы замежных аўтараў. І ўсё гэта мелася ў фондах нашых бібліятэк.
У гэтыя гады пачалі сваё існаванне многія цікавыя формы масавай работы, якія існуюць і зараз. Напрыклад, клубы па інтарэсах. Мерапрыемствы ў рамках клуба насілі асветніцкі характар, прапагандавалі лепшыя творы тагачаснай літаратуры.
У 1977 годзе правялі першае Свята кнігі. Тэма Свята адпавядала палітычнай падзеі – Выбарам дэпутатаў. Гэта была першая спроба новай формы работы,але метады былі старыя: кніжныя выставы для дарослых і дзяцей, выступленні адказных асоб райвыканкама аб слаўнай гісторыі нашай краіны і КПСС, бібліяграфічны агляд.
Свята кнігі, клубы па інтарэсах і аматарскія аб’яднанні, Дні спецыяліста і інфармацыі – формы работы, якія прыйшлі ў 80-я гадах ХХ стагоддзя і засталіся па сённяшні дзень, напоўненыя новым зместам, сучаснымі прыёмамі падачы інфармацыі.
Працаёмкім працэсам для работнікаў бібліятэк стаў пераход на новыя табліцы ББК: вывучэнне зместу табліц, перакласіфікацыя фондаў і яго перастаноўка ў адпаведнасці з новай класіфікацыяй, рэкласіфікацыя каталогаў.
З цягам часу прыбавілася работнікаў у РЦБС: з’явіўся аддзел метадычнай работы з 3-х чалавек, дабавіліся бібліятэкары ў аддзеле арганізацыі і выкарыстання фондаў,у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі, у дзіцячы аддзел. Дырэктар і метадычны аддзел атрымалі асобнае памяшканне.
На фота злева направа Валуевіч Т.А., загадчыца аддзела абслугоўвання, Талстая Н.В., дырэктар РЦБС, Патапчык А.Д., загадчыца метадычнага аддзела, Буйніцкая Н., карэспандэнт раённай газеты “Савецкае Палессе”
Паступова расла колькасць чытачоў, што патрабавала поўнай аддачы на рабоце, павялічваліся фонды аддзела, пашыралася сетка нестацыянарнага абслугоўвання. У тыя гады дзейнічала 16 перасоўных бібліятэк на прадпрыемствах, ва ўстановах горада, у вёсках, дзе не было бібліятэк. Найбольш значнымі былі такія бібліятэкі ў “Сельгастэхніцы”, ДЭУ-100, бальніцы, прамкамбінаце, ПМК-14, у Ясянцы, на ўдарнай камсамольскай будоўлі ў Раздзялавічах. Для абмену літаратуры заўсёды знаходзіліся людзі ў арганізацыях, якія вялі работу бібліятэк-перасовак на грамадскіх пачатках.
З 1984 па 2007год дырэктарам РЦБС працуе Тамара Аляксандраўна Валуевіч, энергічны, творчы, патрабавальны кіраўнік. Шмат сіл і намаганняў прыкладала Тамара Аляксандраўна для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэкі, укараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій.Быць лепшымі, ствараць камфортныя умовы для чытача і ў рабочым калектыве, працаваць на добры вынік – такімі былі патрабаванні дырэктара РЦБС. Пад яе кіраўніцтвам бібліятэка стала адукацыйным і сацыяльна-культурным цэнтрам, лідэрам бібліятэчнай палітыкі ў вобласці. Творчы падыход да работы, дасканалае веданне бібліятэчнай справы, пастаянны пошук і ўкараненне інавацый – усё гэта ўдала спалучалася ў асобе кіраўніка.
Павялічылася колькасць карыстальнікаў бібліятэкі да 3500 чалавек, якім выдадзена болей 80 тысяч адзінак дакументаў. З 2000 года ў цэнтральнай раённай бібліятэцы працуе публічны цэнтр прававой інфармацыі, асноўная функцыя якога - задавальненне патрэб карыстальнікаў прававой інфармацыяй. Для гэтага выкарыстоўваюцца прававыя рэсурсы на розных носьбітах інфармацыі - як на электронных, так і на традыцыйных.
У лютым месяцы 1996 г. загадам кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь бібліятэцы было прысвоена імя мясцовага пісьменніка, журналіста В.Ф.Праскурава. У 1997г. узнагароды, рукапісы, фотаздымкі, асабістыя рэчы В.Праскурава былі перададзены ў бібліятэку Лідзіяй Сцяпанаўнай, жонкай Васіля Фёдаравіча. Вялікую каштоўнасць для бібліятэкі прадстаўляюць кнігі з асабістай бібліятэкі Праскуравых.
Стала добрай традыцыяй кожны год праводзіць Праскураўскія чытанні, галоўная мэта якіх - азнаямленне чытачоў і насельніцтва з творчай спадчынай Васіля Фёдаравіча, літаратурным жыццём Ганцаўшчыны і рэспублікі.
У 2007-2012 годзе бібліятэчную сістэму ўзначальвала Людміла Аляксандраўна Дулік. У гэты час у бібліятэцы змяняецца практыка работы з чытачамі, адбываецца адыход ад стэрэатыпаў. Вызначыліся і прыярытэты, павялічваюцца інфармацыйная магчымасці, узрастае якасць абслугоўвання. На працягу апошніх гадоў актуальнымі для бібліятэкі застаюцца асветніцкая, інфармацыйная, выхаваўчая функцыі. У сучасных умовах прыярытэтнымі напрамкамі з’яўляюцца: краязнаўства, папулярызацыя беларускай літаратуры, патрыятычнае, прававое і маральна-духоўнае выхаванне, работа з сацыяльна-неабароненымі групамі карыстальнікаў, папулярызацыя здаровага ладу жыцця.
З пачатку 2013 года на пасаду дырэктара назначана Ала Уладзіміраўна Хваль, прафесійная дзейнасць якой пачыналася у Нацкай сельскай бібліятэцы, затым працавала метадыстам у аддзеле бібліятэчнага маркетынгу, пазней - загадчыкам аддзела. Маладая, адказная, крэатыўная за невялікі адрэзак часу змагла з'яднаць калектыў у адно цэлае. Творчы і ініцыятыўны па натуры чалавек, які добра ведае спецыфіку бібліятэчнай справы, стараецца зрабіць жыццё бібліятэкі насычаным і цікавым.
Сваю дзейнасць калектыў бібліятэкі каардынуе з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, установамі. За год праводзіцца каля 100 мерапрыемстваў, сярод якіх краязнаўчыя чытанні, выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў і ўмельцаў Ганцаўшчыны, дні інфармацыі, тэматычныя ўрокі, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з удзелам беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, літаратараў-землякоў.
Вялікая ўвага надаецца духоўна-маральнаму выхаванню і фарміраванню высокіх маральных якасцей моладзі і падлеткаў. У рамках клуба “Час і я” праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя супраць п’янства і алкагалізму, наркаманіі і курэння, брыдкаслоўя.
Ганцавіцкая ЦРБ імя В. Праскурава ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне дзейнасці ЦРБ імя В.Праскурава, гарадскога філіяла, РДБ, 16 бібліятэк-філіялаў і перасовачнай бібліятэкі (бібліобуса): аказвае метадычную і практычную дапамогу, абагульняе і ўкараняе перадавы вопыт работы бібліятэк, арганізуе і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў.
Бібліятэка ў нашы дні - гэта:
- забяспячэнне шырокага доступу карыстальнікаў да Публічнага цэнтра прававой інфармацыі “Эталон”;
- багаты ўніверсальны фонд, які налічвае 35911 экз. кніг, фонд перыядычных выданняў - 26 найменняў газет і 65 – часопісаў;
- аўтаматызаваная ўстанова, камп’ютарны парк якой -13 адзінак камп’ютарнай тэхнікі,ксеракс, два каляровыя прынтэры, шматфункцыянальнае прыстасаванне.
Час імкліва бяжыць. Змянілася не адно пакаленне супрацоўнікаў і чытачоў. Калектыў бібліятэкі па-ранейшаму ў пошуку новых творчых ідэй і падыходаў да абслугоўвання і задавальнення патрэб сваіх карыстальнікаў, стварэння сучаснага інфармацыйнага асяроддзя. Усе дасягненні бібліятэкі ад першых дзён да сучаснасці - гэта вынік жыцця, працы, адданага служэння справе не аднаго пакалення яе супрацоўнікаў. Дзякуючы плённай працы людзей, якія ўсе свае веды, майстэрства і творчасць аддаюць асвеце гарамадства, развіццю духоўнасці і павышэнню яго культуры, цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава адпавядае свайму галоўнаму прызначэнню – з’яўляцца кніжнай скарбніцай Ганцаўшчыны.
Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што бібліятэка дастойна працягвае традыцыі, закладзеныя ў далёкім мінулым. Наперадзе новыя праекты і здзяйсненні.
З 1 красавіка 2024 года, па рашэнню Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта "Аб аптымізацыі сеткі ўстаноў культуры", перасоўная бібліятэка - структурнае падраздзеленне цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В.Ф. Праскурава.
Метрыка жыцця бібліятэкі.
1945 – адкрыццё Ганцавіцкай раённай бібліятэкі
1950 - адкрыццё ў кожнай вёсцы хаты-чытальні, арганізацыя перасовак і хатніх бібліятэк.
1958 - адкрыты доступ да кніжнага фонда
1960 – бібліятэка размясцілася ў новым будынку ГДК па адрасу: Кастрычніцкая, 2.
1967 - планаванне 100% ахопу насельніцтва бібліятэчнай кнігай.
1965 - першае месца па выніках работы за год сярод бібліятэк вобласці.
1976 -рашэннем райвыканкама 28 масавых бібліятэк былі аб'яднаны ў адзіную цэнтралізаваную сістэму.
1976 – бібліятэчную сістэму ўзначаліла Талстая Н.В.
1977 – праведзена першае Свята кнігі.
1981– арганізавана літаратурнае аб’яднанне “Клуб цікавага субяседніка”, удзельнікамі якога сталі актыўныя чытачы бібліятэкі – людзі розных узростаў і прафесій.
1984 – калектыў бібліятэкі ўзначаліла Валуевіч Т.А.
1996 –бібліятэка адзначыла наваселле ў былым будынку аптэкі па адрасе: Кастрычніцкая, 5.
1996 - загадам кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь бібліятэцы прысвоена імя В.Ф.Праскурава.
1997 – пачатак правядзення Праскураўскіх чытанняў.
1998 – распрацаваны першы праект - праграма па экалагічнай адукацыі і інфармацыі насельніцтва Ганцавіцкага раёна “Мы. Прырода. Зямля”.
2000 -распачата работа па аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў. У першую чаргу быў аўтаматызаваны аддзел камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду.
2001 – у раённай бібліятэцы створаны публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ)
2002 – бібліятэка стала дыпламантам рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
2002 – правядзенне раённага свята “Пясняр зямлі беларускай” (да 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа).
2001 – 2005–работа ў рамках мэтавых бібліятэчных праграм, накіраваных на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і падлеткаў ( “Бібліятэка моладзі” (2001г.), «Жизнь нуждается в милосердии» (2003г.), “Подросток” (2005г.).
2005 – распрацавана адрасная бібліятэчная праграма “Памяць Ганцаўшчыны”, у рамках якой пачалі працаваць Агарэвіцкая, Дзяніскавіцкая, Малькавіцкая, Хатыніцкая, Люсінская сельскія бібліятэкі і інш., і як вынік іх плённай працы: адкрыццё гісторыка-краязнаўчага цэнтра “Бусліны край, мой вырай і прыстанак” у Агарэвіцкай СБ, стварэннне Галерэі знакамітых людзей в.Дзяніскавічы, адкрыццё музея гісторыівёскі на базе Малькавіцкай сельскай бібліятэкі і арганізацыя яе дзейнасці ў статусе бібліятэкі-музея і т.п.
2007 – калектыў бібліятэкі ўзначаліла Дулік Л.А.
2009-2010 – правядзенне заняткаў у цэнтры прафесійнага развіццця “Шлях да поспеху” і “Школе пачынаючага бібіятэкара”
2010- работа, накіравана на адраджэнне духоўнай спадчыны Ганцаўшчыны. Распрацаваны мэтавыя бібліятэчныя праграмы - “Духоўнасць” і адрасная міні-праграма для В.Круговіцкай сельскай бібліятэкі “По пути к вере”.
2010–распрацавана праспект-праграма выступленняў на раённым радыё “Вас вітае бібліятэка!”.
2011 – праведзены капітальны рэмонт памяшкання; створаны літаратурна-краязнаўчы цэнтр, дзе размешчаны краязнаўчыя фонды, прысвечаныя жыццю і творчасці літаратараў-землякоў.
2011 – у рамках рэспубліканскага Дня беларускага пісьменства ў г.Ганцавічы правядзены сярод чытачоў бібліятэкі конкурс “Самая старая кніга з сямейнай бібліятэкі”.
2012 - адкрыццё духоўна-асветніцкага цэнтра "Існасць" у В.Круговіцкай сельскай бібліятэцы.
2012 – правядзенне раённага свята “Пясняр зямлі беларускай” (да 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа), ганаровымі гасцямі якога былі сын пісьменніка, Міхась Канстанцінавіч, унук Канстанцін і праўнучка Васіліна.
2013 - дырэктарам Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы стала Хваль А.У.
2013 - адкрыццё пакоя рэдкай кнігі "Кніга і час" у Агарэвіцкай сельскай бібліятэцы.
2013 - адкрыццё гісторыка-краязнаўчага цэнтра "Мы - з БССР" у Востраўскай сельскай бібліятэцы.
2013 - па выніках XXI рэспубліканскага агляду-конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры" Люсінская сельская бібліятэка (загадчык З. І. Літвіновіч) заняла трэцяе месца ў намінацыі "За пошукавую і даследчую працу".
2013 - Аксана Карповіч, загадчык Агарэвіцкай сельскай бібліятэкі стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу "Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках" (па выніках работы за 2012 год).
2016 - бібліятэчная сістэма набыла статус юрыдычнай асобы ДУК "Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма".
2016 - па выніках абласнога конкурсу на лепшы Савет моладзі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, Савет моладзі ДУК "Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма" заняў 2-е месца ў намінацыі "Лепшы Савет установы".
2016 - Ганна Рабцэвіч, загадчык Раздзялавіцкай сельскай бібліятэкі стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу "Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках" (па выніках работы за 2015 год).
2017 - па выніках XXV рэспубліканскага агляду-конкурсу "Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры" Агарэвіцкая сельская бібліятэка (загадчык В.А.Шаматульская) заняла I месца ў намінацыі "За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы".
2018 - Савет моладзі ДУК "Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма" заняў 1 месца ў намінацыі "Лепшае маладзёжнае аб'яднанне арганізацыі" і ўзнагароджаны каштоўным падарункам і Граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.
2019 - спецыяльны дыплом за лепшую працу ў намінацыі калектыўных праектаў атрымала цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава за даследаванне і яго вынікі пад назваю “Вартыя памяці людской” у рэспубліканскім конкурсе “Славутыя імёны маёй малой радзімы”.
2019 - пераможца рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, па выніках якога Ганцавіцкая раённая бібліятэка імя В. Праскурава ўзнагароджана дыпломам III ступені ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” па стварэнні лепшага бібліятрансформера "Новае ў бібліятэцы".
2020 - па выніках XXVIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” у намінацыі "За пошукавую і даследчую працу", Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В.Ф. Праскурава прысуджана 2 месца за плённую пошукавую і даследчую працу па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны раёна праз рэалізацыю праекта "Вартыя памяці людской".
2020 - на базе ДУК “Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” працавала абласная школа дырэктараў бібліятэчных сістэм Брэсцкай вобласці.
2021 - па выніках абласнога конкурсу “Бібліятэка для моладзі – бібліятэка магчымасцей”, Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф.Праскурава атрымала дыплом II ступені ў намінацыі “Развіццё” за рэалізацыю праекта “Бібліятэка ў стылі ART “CreАктыўныя!”.
2022 - па выніках XXX рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры" Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф.Праскурава ўзнагароджана дыпломам III ступені ў намінацыі "За падтрымку і развіццё чытання".
2023 - Віннік А.У., бібліятэкар 2-ой катэгорыі Кукаўскай сельскай бібліятэкі стала пераможцай абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства "УМЕЛЬЦЫ БРЕСТЧИНЫ".
2023 - за шматгранную дзейнасць па папулярызацыі твораў беларускіх аўтараў, накіраваную на фарміраванне патрыятызму і грамадзянскіх якасцей у розных катэгорый карыстальнікаў, дыпломам РВУ "Выдавецкі дом "Звязда" ўзнагароджана Хваль Ала Уладзіміраўна, дырэктар ДУК "Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма".
2023 - за шматгадовую плённую дзейнасць па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай культуры "Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма" ўзнагароджана граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
2024 - па выніках XXXII рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры" Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава заняла першае месца ў намінацыі "За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем" за актыўную і мэтанакіраваную работу па фарміраванні ў моладзі высокай сацыяльнай актыўнасці, грамадзянскасці і патрыятызму, пачуцця гонару за сваю Айчыну праз дзейнасць грамадска-патрыятычнага праекта "Як я стаў сабою".